БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ
Першая малодшая група
Заінька
Мэта: развіваць увагу, спрыт, каардынацыю рухаў, хуткасць рэакцыі.
Апісанне гульні: дзеці бяруцца за рукі і ўтвараюць круг. У сярэдзіне — заінька. Усе спяваюць:
Заінька бялюсенькі,
Заінька шарусенькі!
Праскачы у дзірачку
Ды не пабі спіначку!
На гэтыя словы зайчык імкнецца выскачыць з круга, але дзеці не пускаюць і хутка прысядаюць, як толькі ён набліжаецца да каго-небудзь з іх.
Пасля гэтага дзеці спяваюць далей:
Заінька, павярніся,
Шэранькі, павярніся!
Тупні ножкай, паскачы
Ды ў далоні запляшчы!
Пры заканчэнні песні ўсе павінны запляскаць у далоні. Гэтым момантам карыстаецца зайка: ён хапае каго-небудзь з дзяцей і хутка становіцца на яго месца. Той, хто застаўся без месца, павінен выконваць ролю заінькі.
Правілы гульні: пры пабліжэнні заінькі ігракі павінны хутка ўзяцца за рукі, калі яны не паспеюць зрабіць гэтага, той, да каго дакрануўся зайчык, займае яго месца.
Лясь, лясь, уцякай!
Мэта: удасканальваць навыкі бегу, мяняючы тэмп і напрамак. Развіваць спрыт, хуткасць.
Апісанне гульні: дзеці ходзяць па пляцоўцы, збіраюць кветкі, плятуць вянкі. Некалькі дзяцей выконваюць ролю конікаў, яны стаяць у баку на некаторай адлегласці ад дзяцей. На словы:
Лясь, лясь, уцякай!
Цябе коні стопчуць.
А я коней не баюся
Па дарозе пракачуся.
дзеці ўцякаюць, конікі скачуць на палачцы і імкнуцца дагнаць іх.
Пры паўторы гульні дзеці і конікі мяняюцца ролямі.
Правілы гульні: уцякаць патрэбна толькі пасля слова «пакачуся», ігрок, якога дагоніць конік, часова выбывае з гульні.
Прэла-гарэла
Мэта: садзейнічае развіццю ўвагі, назіральнасці, інтуіцыі.
Месца правядзення: пляцоўка, зала.
Інвентар: набор невялікіх прадметаў (рознакаляровыя кубікі, шышкі).
Апiсанне гульні: вядучы ў розных месцах хавае прадметы, гаворачы пры гэтым:
Прэла-гарэла,
За мора ляцела,
А як прыляцела,
Дык недзе і села.
Хто першы знойдзе,
Той сабе возьме!
Пасля гэтых слоў усе разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя прадметы.
Хто знойдзе больш за усіх, той і выйграў.
Гульцы пачынаюць шукаць прадметы толькі пасля таго, як сказаны ўсе словы.
У той час, калі вядучы хавае прадметы, усе павінны стаяць спіной да яго з заплюшчанымі вачыма.
Другая малодшая група
Грушка
Мэта: ўдасканальваць навыкі бегу з выкрутамі, уменне хутка арыентавацца ў наваколле.
Апісанне гульні: дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца дзяўчынка ці хлопчык. Гэта і ёсць «грушка». Дзеці ідуць у карагодзе вакол грушкі і спяваюць:
Мы пасадзім грушку усе, усе,
Няхай наша грушка расце, расце.
Вырасці ты, грушка, вось такой вышыні,
Распусціся, грушка, вось такой шырыні!
Расці, расці, грушка, ды у добры час.
Маленькая (iмя) паскачы для нас.
А ўжо наша грушка распусцілася,
А наша (iмя) зажурылася.
А мы тую грушку весяліць будзем.
І ад нашай грушкі уцякаць будзем.
Правiлы гульнi: на апошнія два словы дзеці разбягаюцца, а “грушка” ловіць.Дзеці павінны выконваць танцавальныя рухі па зместу песні.
Вожык і мышы
Мэта: развіваць слухавую увагу, пачуццё мовы, уменне карыстацца рознай сілай голасу, цікавасць да беларускай спадчыны.
Апiсанне гульнi: па лічылцы выбіраюцца “вожык” і “мышы” (2-3).Астатнія дзеці становяцца ў кола і ідуць управа, а “вожык” ідзе ўлева. “Мышы” знаходзяцца па-за колам. Дзеці прыгаворваюць:
Бяжыць вожык – тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Спыняюцца.Прагаворваюць цішэй:
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісці мыш.
“Вожык” ходзіць у коле, прыслухоўваецца. Дзеці гучна кажуць:
Бяжы, бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!
Ты лаві сабе мышэй,
Не чапай другіх дзяцей!
Правiлы гульнi: вымавіўшы апошнія словы, дзеці падымаюць у двух месцах рукі, утвараючы “вароты”. Вожык выбягае праз іх, пры гэтым стараецца злавіць каго-небудзь з “мышэй”.Тыя бегаюць дзе хочуць, пралазяць пад рукамі дзяцей. “Вожык” можа трапіць у кола толькі праз “вароты”.
Сярэдняя група
Браднік
Мэта: развіваць уменне хутка арыентавацца ў навакольных абставінах, удасканальваць навыкі легкага бегу. Выхоўваць смеласць, вытрымку.
Апісанне гульні: па лічылцы выбіраюць рыбака і завязваюць яму вочы хусцінкай. Усе астатнія дзеці - рыбкі. Пляскаючы ў ладкі, дзеці-рыбкі перамяшчаюцца (ходзяць, бегаюць вакол рыбака). Рыбак стараецца каго-небудзь злавіць. Калі на шляху рыбака сустракаецца якая-небудзь перашкода (сцяна, лаўка, крэсла і інш.), дзеці гавораць рыбаку: «Глыбока!» Калі рыбак адыдзе ад перашкоды, дзеці гавораць: «Мелка!» Калі рыбак зловіць каго-небудзь, ён павінен адгадаць па голасу, каго злавіў. На пытанне рыбака: «Хто ты?» злоўлены адказвае: «Я - акунь». Калі не адгадаў, дзеці яму крычаць: «Жабу злавіў!» Рыбак адпускае злоўленага і зноў пачынае лавіць.
Правілы гульні: ігракі павінны ўвесь час перамяшчацца па пляцоўцы і абыходзіць рыбака. Калі рыбак па голасу не адгадаў, каго з дзяцей-рыбак ён злавіў, сам становіцца рыбай, а непазнаны ігрок — рыбаком.
Хворы верабей
Мэта: фарміраваць навыкі спрытнага бегу, уменне дзейнічаць па сігналу, выхоўваць адмоўныя адносіны да несумленных учынкаў.
Апісанне гульні: дзеці бяруць сабе назвы птушак — верабей, сава, сініца, кулік і г. д. Дзіця, якое імітуе вераб'я, кладзецца і робіць выгляд, што хворае. Каля вераб'я ўвіхаецца сава. Да савы падыходзіць сініца і пытаецца:
- Ці дома верабей?
- Дома.
- Што ён робіць?
- Хворы ляжыць.
- Што яму баліць?
- Плечыкі.
- Схадзі, сава, у агарод, сарві траўкі-грэчкі, папар яму плечкі.
- Парыла, сінічка, парыла сястрычка. Яго пара не бярэ, толькі гарачкі прыдае.
Сінічка адыходзіць, а да савы падыходзяць усе птушкі і пытаюцца:
- Ці дома верабей?
- Дома.
- Што ён робіць?
- Па двары шнарыць, крошкі збірае, дадому не ідзе, каноплі крадзе.
Пачуўшы гэтыя словы, верабей уцякае, а дзеці гоняцца за ім, стараючыся злавіць вераб'я.
Правілы гульні: дзіця-верабей можа схавацца толькі ў доме савы.
Сляпы музыкант
Мэта: развіваць увагу на слых, памяць, мысленне, фантазію.
Апісанне гульні: усе дзеці становяцца ў круг. Аднаму з іх завязваюць вочы і даюць у рукі палачку. Гэта – сляпы музыкант. Ён дакранаецца палачкай да каго-небудзь з дзяцей. Дзіця, да якога музыкант дакрануўся палачкай, падае голас: пішчыць, гудзе, імкнецца змяніць голас каб сляпы музыкант не здагадаўся, хто гэта. Калі музыкант адгадае, хто падаў голас, той ідзе на сярэдзіну круга, і гульня працягваецца з новым музыкантам.
Правілы гульні: калі дзіця-музыкант тры разы не пазнае, хто падаваў голас, ён выбывае з гульні.
Старэйшая група
Гусі - лебедзі
Мэта: развіваць у дзяцей дыялагічную мову, уменне дзейнічаць па слоўным сігнале, спалучаць словы з дзеяннямі.
Апiсанне гульні: выхавальнік прапануе пагуляць у гульню.
Вы, дзеці, будзеце гусямі, а я - вашай гаспадыняй. Вы пасвіцеся вось тут на траўцы (паказвае месца), а ў тым вугле будзе логава ваўка.
З дапамогай лічылкі дзеці выбіраюць “ваўка”. “Гусі” знаходзяцца ў адным канцы пакоя (пляцоўкі), “гаспадыня” – у другім, “воўк” – убаку. Далей паміж “гаспадыняй” і “гусямі” адбываецца наступны дыялог:
Гусі,гусі... – Га-га-га!
Есці хочаце? – Ага!
Дык ляціце... – Го-го-го...
Воўк зубаты за гарой.
Гусі,гусі! – Го-го-го.
Вы не бойцеся яго!
Першай гуска паляцела,
Потым - гусяняты.
І гусак падняўся смела,
Следам – воўк зубаты.
“Гусі” бягуць да “гаспадыні”. “Воўк” стараецца іх злавіць. Злавіўшы аднаго, ён вядзе яго у сваё логава. Калі “воўк” нікога не зловіць, “гаспадыня” гаворыць:
Скочыў шэры на дарогу,
Толькі не злавіў нікога! (Гульня паўтараецца.)
Гарлачык
Мэта: практыкаваць у бегу, ва ўменні дзейнічаць па сігналу, хутка арыентавацца ў навакольным. Развіваць увагу.
Апісанне гульні: дзеці сядзяць у крузе на кукішках. Гэта «гарлачыкі». Па кругу ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца:
Колькі каштуе «гарлачык»?
Дзіця адказвае:
За «гарлачык» гэты
Дай нам зусім крышку:
Кааб ніколі не хварэць –
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-гарлачык паднімаецца на ногі і бяжыць па кругу ў адным напрамку, а пакупнік – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.
Правілы гульні: дзеці павінны бегчы па кругу ў розных напрамках пасля слоў «...маннай кашы лыжку»; кожны з іх імкнецца заняць свабоднае месца.
Золата
Мэта: развіваць хуткасць рэакцыі, спрыт, вытрымку, назіральнасць.
Апісанне гульні: дзеці садзяцца ў рад. Адно дзіця – водзячы. Ён дзеліць золата, непрыкметна хаваючы яго ў руках каго-небудзь з дзяцей. Потым водзячы адыходзіць на 3-4 крокі і крычыць: «Золата, да мяне!».
Той, у каго схавана золата, павінен усхапіцца і бегчы да водзячага. Алс ўсе ўважліва сочаць адзін за адным і імкнуцца затрымаць іграка з золатам. Калі іграку не ўдаецца выскачыць з рада, гульня пачынаецца спачатку, кожны застаецца на сваім месцы. Калі ж іграку з золатам удаецца вырвацца, ён становіцца вядучым, а вядучы займае яго месца. Гульня працягваецца.
Правілы гульні: дзеці не павінны падаваць выгляду, што золата ў іх няма.
раскрыть » / « свернуть